Мужик, медведь и лиса - 26 (белорусский язык)
Быў сабе гаспадар і пашоў гараць. Гаре ён дак гаре, аж прыходзіць воўк. «Чаго ты прышоў, воўче?» — кажа гаспадар. «Прышоў тваі валы з’есці», — кажа воўк. «Мой ты до́бранькі, мой ты галубок, пачакай хаця, паколь я дагару, а после сабе з’ясі». — «Добра», — кажа воўк і пашоў пад воз і там лёг. Чалавек той гаре і плаче, аж прыходзіць ліска. «Чаго ты плачеш, чалавече?» — кажа яму ліска. «Я плачу таго, што прышоў да мяне воўк і хоче валы́ з’есці». — «Ну, калі дасі мне мех курей, то праганю воўка». — «Добра», — кажа гаспадар. Ліска пабегла на гару і крычыць: «Тру-ру-ру-ру! малады князь палюе. Што у цябе, чалавече, пад возам ляжыць?» Чалавек адказвае: «Калода, пане, калода!» — «Каб калода была, то на возе ляжала бы».
Воўк як пачуў, як зачне прасіць чалавека, каб узлажыў яго на воз. Чалавек узлажыў воўка на воз и зачаў гараць. І зноў тая ліска пабегла на другую гару і зноў крычыць: «Тру-ру-ру-ру! Малады князь палюе! Што у цябе, чалавече, на возе ляжыць?» — «Калода, пане!» — адказаў мужык. «Каб калода была, то увязана была бы». Воўк ізноў папрасіў чалавека, каб увязаў; і той чалавек, узяўшы вяроўку, так увязаў воўка, што ён пакруціцца не смог.
Лісіца зноў пабегла на трэцюю гару і так са́мо крычыць: «Тру-ру-ру-ру! Малады князь палюе! Што у цябе, чалавече, на возе ляжыць?» Мужык таксама адказвае: «Калода, пане!» — «Каб калода была, то сакера ўрублена ў нёй была бы». Воўк, пачуўшы гэтыя сло́ва, зачаў прасіць чалавека, каб гдзе сакеру прычэпіў, каб яна стырчала. Чалавек, узяўшы сакеру, прышоў да воза дый як рубне ў галаву воўка, дак яго і забіў на смерць.
А лісіца, ўбачыўшы гэта, прыбегла да таго мужыка і кажа: «Я цябе абараніла ад воўка; прынесі ж мяне мех курей». — «Добра!» — кажа чалавек дый, ўзяўшы таго забітага воўка, пашоў дадому. Зняўшы шкуру з воўка, ўлажыў ў мяшок заместа курей двух сабак Серку і Берку і пашоў ў поле да ліскі, гдзе яна яго чакала. Прышоўшы туда, ён палажыў мяшок на землю і кажа да ліскі: «Ты разкарачсе добра, каб магла палавіць усе куры, а я іх выпущу». Ліска разкарачалася, як той чалавек казаў, і чакае, паколь ён выпусціць куры. А чалавек, развязаўшы мяшок, як выпусціць сабак, а тые сабаки як зачнуць рваць ліску.
Ліска ледва вырабіласе ад сабак і прыбегла да нары і пытаецца ў сваіх вачэй: «Што вы думалі, як мяне рвалі сабакі?» — «Мы думалі, — кажуць вочі, — каб як прэндзей уцячі да норкі». — «А вы, лапкі?» — «І мы тое самое думалі». — «А ты, хвасціще-дурніще, што думаў?» — «Я думаў, каб як найпрэндзей цябе злавілі і задушылі». — «Ах ты, хвасціще! Аддам цябе сабакам!» Дый вылязла з норкі: «На, — кажа, — Серка, Берка! На хвост!» Тые сабакі парвалі ліскі хвост, дый адарвалі. Ліска бяжыць ужо са злосці да мужыка лаіць — на што ашукаў.
Бяжыць яна, дак бачыць: аж штось гудзе. Падбягае, аж дзюравы збан з ветрам. «Ах ты, шельма, пане збане! І ты страшыш!» — кажа лісіца, дый ўзяла зачапіла пачапачку на шыю дый панясла тапіць. Прыходзіць да рекі, усадзіла збан дый топіць. У той збан як налілося вады, дак той збан зачаў тапіцца і павалок за сабою ліску.
А той мужык гэтое усе бачыць; пашоў да рекі, выцягнуў ліску, здзёр шкуру дый прадаў.